Антон Рудак “Элвіс ідзе па праспекце”

Ранак спявае над Менскам, Таньчыць на вуліцах квецень, Горадам коціцца вестка – Элвіс ідзе па праспекце. Не па ТВ, не ў газеце – Баба адна расказала: Элвіс ідзе па праспекце – Проста, куды ні папала. Песня ліецца праз вокны, Тэксты кладуцца на вецер, Элвіс смяецца ў натоўпе, Элвіс ідзе па праспекце. Маці ўсміхаецца дзецям, Муж усміхаецца жонцы, Элвіс ідзе па праспекце І ўсміхаецца сонцу.